РЭ́ЧЫЦКАЕ РАЁННАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941—ліст. 1943 у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Складалася з 8 груп
(62 чал.) у вёсках Андрэеўка і Пасека (кіраўнікі Рыгор Іванавіч і Рыгор Ісакавіч Васільцы),
Вятхінь (М.Л.Саламаха), Гарноўка (Ю.А. і В.А. Раціборскія), Мілаград (З.А.Грабянчук), Ровенская Слабада (А.Ц.Дворнік, М.І.Звяртоўскі), Свірыдавічы (А.В.Карбаценка, В.А.Нямкевіч), 2 групы ў в. Холмеч і Завужаль (Ф.П.Севераў, М.С.Вайтовіч, М.Ф.Яўланчык). Падпольшчыкі мелі сувязь з групай, пакінутай у раёне па заданні ЦК КП(б)Б, са створаным на яе базе партыз. атрадам імя Варашылава і атрадам «За Радзіму», здабывалі для іх разведданыя, дапамагалі зброяй, боепрыпасамі, харч. прадуктамі, праводзілі дыверсіі. Вялі агітацыю сярод насельніцтва, што спрыяла хуткаму росту партыз. сіл раёна. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 10 падпольшчыкаў. У г. Васілевічы Рэчыцкага р-на помнік у гонар загінуўшых падпольшчыкаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)